Узброіўшыся рыдлёўкамі, вёдрамі і іншым неабходным інструментам, а таксама добрым настроем, студэнты факультэта прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта транспарту сабраліся на «пясочны» пленэр. Дарэчы, так называецца жывапісная тэхніка выявы аб'ектаў пры натуральным святле і ў натуральных умовах на адкрытым паветры.
– Ужо на працягу трох гадоў мы са студэнтамі збіраемся на пляжы каля санаторыя «Чонкі», каб будаваць скульптуры з пяску. У гэты раз тэмай пленэра была абрана гістарычная падзея – 600-годдзе перамогі ў Грунвальдскай бітве. Менавіта таму вырашылі пабудаваць сярэднявечны замак, – распавядае арганізатар мерапрыемства Яўген Малікаў, намеснік дэкана факультэта прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва БелДУТа, кіраўнік cтудэнцкага навуковага таварыства гісторыі архітэктуры і краязнаўства імя С. Д. Шабунеўскага.
Пры дапамозе Гомельскага райвыканкама на пляжы загадзя была падрыхтавана гара пяску, каля якой і разгарнулася сапраўдная «вайна». Хлопцы і дзяўчаты змешвалі пясок з вадой у дакладных суадносінах, каб сцены замка маглі надзейна стаяць. Мясцовыя жыхары і людзі, што адпачывалі на пляжы, зацікаўленыя працэсам, з задавальненнем вызваліся дапамагаць студэнтам. Каб скульптура набыла патрэбную форму, найперш была зроблена апалубка з дошак, збітая цвікамі. Будаўніцтва ішло два дні, таму быў арганізаваны палатачны гарадок, каб ноччу засцерагчы «пясочны» твор ад магчымых праяў вандалізму. Пад час будаўніцтва сцены замка апрацоўваліся спецыяльным растворам, у склад якога уваходзіць клей ПВА. У выніку атрымалася вельмі надзейная канструкцыя вышынёй больш за тры метры, на якую з лёгкасцю маглі забрацца некалькі чалавек без асцярогі, што яна разваліцца. Будучыя будаўнікі прыступілі да аддзелачных работ і літаральна за некалькі гадзін замак набыў абрысы: на вяршыні красаваліся тры вежы, былі зроблены вокны, вялікія вароты і насыпы, якія, напэўна, змаглі б выстаяць перад націскам ворага.
– Такія пленэры дазваляюць набыць навыкі ў галіне архітэктуры і будаўніцтва, а таксама садзейнічаюць знаёмству студэнтаў розных курсаў. Мы тут не толькі працуем, але і гуляем у рухомыя гульні, валейбол, дыхаем свежым паветрам. Хочацца, каб такіх мерапрыемстваў праводзілася як мага больш, – падзяліліся ўражаннямі студэнткі БелДУТа Алена Андрэйкава і Даша Шуляк.
Дарэчы, Грунвальдская бітва, або бітва пад Грунвальдам, адбылася
15 ліпеня 1410 года паміж злучаным войскам Польшчы і Вялікага княства Літоўскага і войскам Тэўтонскага ордэну ў час Вялікай вайны (1409–1411) недалёка ад вёсак Грунвальд і Таненберг (сучасная Польшча).
Антон АКСЁНАЎ, «ГВ».
600 годдзе перамогі ў Грунвальдскай бітве - пленэр БелДУТа




















